Дзень беларускага пісьменства — адна з самых значных культурных падзей Рэспублікі Беларусь і сапраўднае свята роднага слова. На клеччыне Дзень беларускага пісьменства адзначаецца штогод. Гэта свята тых, хто шануе родную мову і дбае пра нацыянальную культуру, духоўную спадчыну.
Удзельнікаў і гасцей Дня пісьменства віншаваў настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы пратаіерэй Андрэй Гладкі. На свята былі запрошаны: член Мінскага народнага клуба “Жывіца” Іван Міхайлавіч Бобка, Алег Венедзіктавіч Царук, наш зямляк, знаўца гісторыі роднага краю, мясцовыя паэты: Юрый Эверт, Вольга Лабажэвіч, Віктар Худавец, Святлана Тамбулатава, Сяргей Лескавец, Анатоль Белы. Музычная частка сустрэчы была прадстаўлена Аляксеем Лапата, Наталляй Калеснікавай, жаночым вакальным калектывам “З песняй па жыцці”. Арганізатары свята дзякавалі гастям за сустрэчу, за цікавую размову, а паэтам за магчымасць адчуць асалоду ад цудоўнай паэзіі, паразмаўляць, паслухаць і далучыца да “прыгожага пісьменства”, за імгненні радасці і асалоды, якія яны дарылі, за любоў да паэзіі, за талент і творчасць.