«Праясняецца пагода, бо вярнулася вясна…» Першы вясенні сонечны дзянёк садзейнічаў выдатнаму настрою ўсіх прысутных у Клецкай раённай цэнтральнай бібліятэцы на пасяджэнні культурна-аздараўленчага клуба «АІР».
У выкананні бібліятэкара Алены Войцік гімнам роднаму гораду натхнёна прагучалі цудоўныя паэтычныя радкі мясцовай паэтэсы Ліліі Мялешкі: «Здалёк відны званіцы і байніцы сталіцы Клецк – зямлі дрыгавічоў», стаўшыя эпіграфам мерапрыемства «Родны свой край любі і знай».
Родны кут… На ўсё астатняе жыццё малая радзіма становіцца той самай прыстанню, дзе цябе чакаюць і любяць. Мы сталеем і пачынаем цікавіцца тымі рэчамі, якія існавалі заўсёды. Напрыклад, назвай роднага горада, яго жыхарамі, легендамі і паданнямі свайго краю. Пра гэта і шмат што іншае ўдзельнікі разважалі разам з госцем, нашым земляком, гісторыкам, краязнаўцам, аўтарам шэрагу навуковых публікацый і кніг, прысвечаных Клеччыне, і проста добрым чалавекам, Андрэем Уладзіміравічам Блінцом.
Прысутныя пашырылі свае веды пра родную зямлю: як узнікла назва горада, адкуль паходзіць яго герб, пачулі гімн Клецка. Асобная частка вечара была прысвечана прыродным аб’ектам, славутым помнікам гісторыі і культуры. Андрэй Уладзіміравіч таксама пазнаёміў удзельнікаў з вядомымі асобамі мінулага і сучаснасці – філосафам і асветнікам Сымонам Будным, каралевай Бона Сфорца, князямі Радзівіламі і іншымі знакамітымі імёнамі. Прысутныя не толькі пачулі шмат каштоўнай інфармацыі, але і ўбачылі змястоўную прэзентацыю «Клецк. Погляд праз стагоддзі», якая праілюстравала аповед вядучага.
Дапаўняла мерапрыемства кніжная выстава «Ад вытокаў да нашых дзён», дзе была прадстаўлена гістарычная літаратура: А. Блінец «Клецк. Старонкі даўняй гісторыі», А. Блінец «Клецкія бітвы: 1506 і 1706 гады», «Клецк у гісторыі Беларусі», А. Карлюкевіч «Радзімазнаўства».
Праз удзел у віктарыне «Гарадок» удзельнікі адкрылі новыя старонкі гісторыі Клеччыны, прадэманстравалі свае глыбокія веды. У бліскучым прачытанні Галіны Нупрэйчык і Валянціны Красільнікавай прагучалі кранальныя лірычныя творы пра любоў да малой радзімы.
Не забыць гэты край апеты… Зноў прыходзяць на памяць узвышаныя словы Ліліі Мялешкі: «Акенцамі ўсміхаецца здалёк былая ўмацаваная сталіца – правінцыяльны мілы гарадок».
Душэўнай, шчырай, сяброўскай – такой сустрэча застанецца ў нашай памяці.
