“Праўда і мужнасць таленту”

У гонар 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава Клецкая раённая цэнтральная бібліятэка падрыхтавала юбілейную выставу “Праўда і мужнасць таленту”, якая падкрэслівае вялікі ўплыў удзелу ў Вялікай Айчыннай вайне на творчасць беларускага пісьменніка. Будучы класік, які праславіў беларускую літаратуру на ўвесь свет, нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Вялікая Айчынная вайна  застала Быкава ва Украіне – ён быў мабілізаваны на абарончыя работы. У складзе дзеючай арміі адступаў да Варонежа. Пасля Саратаўскага пяхотнага вучылішча вярнуўся на фронт і ваяваў да перамогі. Двойчы быў паранены. Дэмабілізаваўся ў 1955 годзе. Доўгі час Васіль Быкаў жыў у Гродне. Тут ён пачаў творчую дзейнасць у мастацкіх майстэрнях і рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”.

     Васіль Быкаў унёс вялікі ўклад у фарміраванне беларускай прозы ХХ веку. Большасць яго твораў – апавяданні, франтавыя і партызанскія, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў самыя драматычныя моманты жыцця. Бібліятэка прапануе ўвазе чытачоў найбольш вядомыя творы Васіля Быкава: “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Дажыць да світання”, “Сотнікаў”, “Воўчая зграя”, “Знак бяды”, “Кар’ер”. Біяграфічныя і літаратурныя творы Дзмітрыя Бугаёва, Ігара Дзядкова, Аляксандра Шагалава, Віктара Каваленка дапамагаюць заглянуць у творчую лабараторыю пісьменніка, даведацца аб яго першай адукацыі – мастацкай, аб яго літаратурных інтарэсах, захапленнях чытаннем.

     Літаратурны талент Васіля Уладзіміравіча атрымаў высокую адзнаку. Ён стаў народным пісьменнікам Беларусі (1980), Героем Сацыялістычнай Працы (1984). Пісьменнік таксама быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Ушацкага раёна. Творы  Васіля Быкава выдаваліся шматтысячнымі тыражамі, перакладаліся больш чым на 200 замежных моў. Кнігі аўтара і сёння выклікаюць цікавасць у чытачоў, аб чым сведчыць вялікая колькасць перавыданняў у беларускіх і расійскіх выдавецтвах.

 

Записи созданы 1068

Похожие записи

Начните вводить, то что вы ищите выше и нажмите кнопку Enter для поиска. Нажмите кнопку ESC для отмены.

Вернуться наверх