Па добрай традыцыі Заастравецкая сельская бібліятэка да Міжнароднага дня без інтэрнэту, які адзначацца ў апошнюю нядзелю студзеня і ініцыятывай якога з’яўляецца напамін людзям пра каштоўнасці жывых зносін, запрасіла малодшых школьнікаў на экскурсію-запрашэнне «Бібліятэка – тэрыторыя без межаў». Дзеці здзейснілі падарожжа па вуліцах «Кніжнага горада», дзе замест вуліц – рады кніжных стэлажоў, замест паверхаў – кніжныя паліцы, а дамы – гэта тамы кніг. У ходзе падарожжа юныя чытачы даведаліся пра гісторыю ўзнікнення кнігі, пазнаёміліся з новымі для іх словамі: абанемент, фармуляр, стэлаж і іншымі. Таксама даведаліся, як знайсці патрэбную кнігу, пазнаёміліся з правіламі бібліятэкі і правіламі карыстання кнігай. Вялікую цікавасць у школьнікаў выклікаў дзіцячы куток бібліятэкі, дзе, акрамя кніг, ёсць шмат гульняў і цацак. Усе атрымалі на памяць невялікія падарункі і паабяцалі ў хуткім часе наведаць бібліятэку і стаць актыўнымі яе наведвальнікамі. Далучайцеся і вы да нас, і вам адкрыецца неабсяжны свет.
