Набліжаецца адно з самых цёплых і душэўных свят – Дзень маці. Каб паспець да гэтага дня паказаць усім, што ваша мама самая прыгожая і заслугоўвае самых шчырых слоў, то трэба абавязкова завітаць у Заастравецкую сельскую бібліятэку, дзе дзейнічаюць інтэрактыўныя выставы “Мамы, як гузікі, на іх трымаецца ўсё” і “Мы ўсе галінкі матулінага дрэва”. На першай выставе ўсе кнігі схаваны за каляровымі гузікамі. Спачатку трэба выбраць той гузік, які асацыіруецца з вашай матуляй (па колеры ці якім-небудзь іншым прыкметам), узяць кнігу, якую абавязкова трэба будзе прачытаць разам з мамай, а на пустое месца размясціць малюнак сваёй матулі. Мэта другой выставы – напісаць на кветачцы самыя шчырыя словы пра сваю матульку і размясціць гэтую кветку на імправізаваным дрэве. Выставы толькі пачалі працаваць, але ўжо карыстаюцца вялікім попытам сярод дзяцей. Прыходзьце і вы ў бібліятэку і раскажыце ўсім, што менавіта ваша матуля лепшая за ўсіх!