Розныя дзеці жывуць на планеце –
белыя, жоўтыя, чорныя дзеці.
Розныя дзеці – аднолькавы смех.
Смех у хвіліны забаў і пацех.
Розныя дзеці – і розныя вочы.
Вочы – як неба. Вочы – як ночы.
Вочы, што мора ўвабралі глыбіні.
Вочы – пад колер бязводнай пустыні.
Розныя вочы – адзіныя слёзы.
Слёзы ў хвіліны бяды ці пагрозы.
Вось бы зрабіць, каб у розных дзяцей
радасць гасціла даўжэй ды часцей.
Вось бы зрабіць, каб на нашай планеце
гора не ведалі розныя дзеці!
Нашы дзеці – гэта наша жыццё! І задача дарослых – зрабіць іх жыццё бесклапотным, радасным і шчаслівым. Нездарма ў першы дзень лета (самую любімую пару года ўсіх дзяцей) адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Заастравецкая сельская бібліятэка, запрасіўшы ўсіх жадаючых на свята дзяцінства “Казачная краіна”, яшчэ раз упэўнілася ў тым, што дзяцінства сапраўдны можа быць шчаслівым і бесклапотным (асабліва з бібліятэкай). Прыходзьце і вы да нас, каб атрымаць пазітыўныя эмоцыі, набыць новых сяброў, весела і з карысцю правесці свой час.