Свята Перамогі ў Заастравеччы пачалося, як і звычайна, патрыятычнай акцыяй “Беларусь памятае”, арганізатарам якой з’яўляецца загадчык Заастравецкай сельскай бібліятэкі-філіяла. Жыхары аграгарадка, у сем’ях якіх беражна захоўваецца памяць аб тым, як змагаліся і пакутавалі іх продкі, з гонарам пранеслі партрэты сваіх родных і блізкіх па галоўнай вуліцы аграгарадка. На імправізаванай ваеннай машыне пачэснае месца занялі самыя маленькія жыхары Заастравечча, дзеля мірнага жыцця якіх і змагаліся нашы дзяды і прадзеды. Да ўрачыстай калоны далучыліся таксама і прадстаўнікі ўсіх дзеючых на тэрыторыі сельсавета ўстаноў і арганізацый. Завяршылася шэсце ля брацкай магілы, дзе адбыўся мітынг-рэквіем памяці загінуўшых у гады вайны. Памяць пра вайну – гэта, перш за ўсё, памяць пра людзей. Пройдуць гады, дзесяцігоддзі, нямала яскравых і важных падзей адбудзецца ў жыцці народа, але легендарны подзвіг – Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – назаўсёды застанецца ў нашай памяці. Гэта наша гісторыя, гісторыя сям’і, гісторыя нашай краіны.