Народныя промыслы і рамёствы Клецкага раёна нельга ўявіць без Вольгі Аляксандраўны Пілецкай, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла адраджэнню багатай бацькоўскай спадчыны. Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам ажывае народная творчасць Клецкага раёна, адраджаюцца рамёствы, набываюць “новае жыццё” местачковыя абрады і рэалізуюцца цікавыя творчыя праекты.
Вольга Аляксандраўна – сапраўдны носьбіт, якая шліфуе накоплены вопыт, зберагае лепшыя здабыткі народнай культуры з мэтай перадачы ведаў і ўменняў нашчадкам. Яна аб’ядноўвае майстроў ў адно кола, аказвае ім разнастайную падтрымку, прыцягвае да супрацоўніцтва і ўдзелу ў мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага значэння. Дзякуючы яе добрасумленнай творчай працы, упартасці ў дасягненні пастаўленай мэты, ажываюць народныя промыслы і рамёствы.
Практычна ўсім добра вядома, што выцінанка, гэта прыгожы, традыцыйны від мастацтва, якім могуць займацца ўсе, пры гэтым неабавязкова купляць дарагія матэрыялы, дастаткова мець нажніцы і бумагу. У дзяцінстве амаль кожны чалавек выразаў прыгожыя сняжынкі на вокны, не здагадваючыся, што гэта і ёсць выцінанка. Між іншым, калі паглыбіцца ў тэхніку, ўсё не так проста.
У пасляваенныя гады ў Клецкім раёне выцінанку не выразалі, яе выбівалі, высякалі гільзамі (“клецкая высяканка”). Жыхары вёсак набывалі тонкую цыгарэтную паперу ў “шпікулянтаў”, якія хадзілі па хатах, і выбівалі гільзамі з-пад куль фіранкі на вокны, таму што нажніцы пасля вайны былі не ў кожнай хаце, а гільзаў рознага дыаметру на зямлі валялася шмат. Тэхналогія простая – клалі паперу на малюнак (напрыклад, на абрусе), абводзілі рысы алоўкам. Затым клалі паперу на драўляную калодку і па намалёваным контуры ўдарам малаточка па гільзе высякалі дробненькія дзірачкі.
Вольга Аляксандраўна авалодала даным відам рамяства і марыць далучыць да аўтэнтычнай Клецкай выцінанкі падрастаючае пакаленне.
Выставы выцінанак і семінар-практыкум“Шчодры вечар”
Праект “Дрэва жыцця”. Анікшчай Літоўскай Рэспублікі