Майстар Старжынская Ганна Міхайлаўна 1964 года нараджэння, выкладчык дадатковай адукацыі. Скончыла Мінскае педагагічнае вучылішча, факультэт пазашкольнага выхавання.
Нарадзілася Ганна Міхайлаўна ў Клецкім раёне, пражывае ў горадзе Клецку. Валяннем Ганна Міхайлаўна займаецца з 2011 года. Вучылася сама: чытала літаратуру, наведвала варштаты ў іншых майстроў. Валянне паходзіць ад качавых народаў, якія займаліся авечкагадоўляй. Існуе два асноўных віды валяння: мокрае і сухое. Мокрае валянне ствараецца з выкарыстоўваннем мыльнага раствору, а сухое з дапамогай спецыяльных іголак. Воўна выкарыстоўваецца звычайна з аўчыны, але можа выкарыстоўвацца і іншых жывел: вярблюда, ката, сабакі. Выбар шэрсці залежыць ад таго, які эфект хоча атрымаць майстар.
У даўнешнія часы людзі валялі дываны, адзенне, абутак, цацкі, кальчугі для воінаў, пакрывалі войлакам юрты. Трэба ўзгадаць і валёнак. Валёнкі не толькі насілі, але шанавалі настолькі, што перадавалі ад пакалення да пакалення. На Беларусі было больш развіта шапавалянне. У наш час майстры і дызайнеры шырока выкарыстоўваюць валянне ў індустрыі моды і ствараюць сумкі, шапкі, бусы, абутак, цацкі, карціны, арт-аб’екты і іншыя рэчы.
Ганна Міхайлаўна не выкарыстоўвае хітрых прыспасабленняў для стварэння сваіх вырабаў, а толькі: качалку, мыльны раствор і іголкі. Спачатку яна малюе эскізы, выразае шаблон будучай рэчы. Затым па шаблону выкладваецца воўна, змочваецца мыльнай вадой і валяецца рукамі, пакуль не прыме патрэбную форму і памер. Аздабляе Ганна Міхайлаўна свае рэчы ў залежнасці ад настрою: вышывае бісерам, ніткамі, лентамі. У сярэднем праца над адным вырабам займае каля тыдня.
У асноўным Ганна Міхайлаўна валяе наступныя рэчы:
– сумкі,
– шапкі, шарфы, рукавічкі,
– бусы,
– чахлы для тэлефонаў і акуляраў.
Усе рэчы Ганны Міхайлаўны носяцца і захоўваюца ў шафе. З радасцю Ганна Міхайлаўна выстаўляе свае вырабы на выстаўках і кірмашах.