У побыце нашых продкаў абрады, звычаі і рытуалы маюць выключнае значэнне. Пра іх мы і паведамім.
Мы сабралі дакладныя звесткі пра тое, як праводзіліся, і нават праводзяцца зараз некаторыя з іх.

         У побыце нашых продкаў абрады, звычаі і рытуалы маюць выключнае значэнне. Яны ўяўляюць сабой пэўную квінтэсенцыю светапогляду чалавека на існасць жыцця, прыроду і сусвет, адлюстроўваюць культурны ўзровень быту як нашых продкаў, так і сённяшніх пакаленняў, даносяць да нас пэўную сістэму чалавеказахоўваючых установак, медытацый і перасцярог, накіраваных на захаванне і прадаўжэнне чалавечага роду і, потым, абраднасць – гэта традыцыйная норма паводзін, якая вынікае з гістарычнага вопыту жыцця многіх і многіх пакаленняў.
  Сямейная абраднасць ахоплівае найбольш важныя вехі ў жыцці чалавека – нараджэнне, вяселле, провады ў армію, пахаванне і памінанне нябожчыка – якраз усе тыя моманты, якія былі найбольш значнымі і адказнымі, пэўнай мяжой на жыццёвым шляху. І хоць усе яны абгрунтаваны практычнай неабходнасцю, іх змест у асноўным напоўнены клопатам аб прадаўжэнні чалавечага роду, здаровым развіцці будучага патомства. Нездарма ж у народзе кажуць: “Калі дзіця на свет прыходзіць, новы кусок хлеба родзіць” альбо “Без дзяцей ціха, ды на старасці ліха”.
Спампаваць работу на тэму «Вясельны абрад»
  У беларусаў з нараджэннем дзіцяці звязана два абрады – адведкі (адведзіны), калі сваякі і знаёмыя прыходзілі да бацькоў немаўляткі, каб павіншаваць іх і раздзяліць іх радасць, падтрымаць маладых бацькоў слушным словам, практычным павучаннем ці матэрыяльнай дапамогай, і радзіны (хрэсьбіны) – абрад хрышчэння дзіцяці ў царкве або касцёле. Жаданне здароўя маці і дзіцяці, шчаслівага будучага лёсу новароджанаму характэрна многім рытуальным дзеянням, звычаям і павер’ям, што што суправаджаюць радзінную абраднасць.
  Не адкрыю новай ісціны, калі скажу, што менавіта ў сям’і і дзецях – шчасце чалавека і яго вечнасць. У час адной з фальклорных экспедыцый па Рагачоўшчыне мне ўдалося запісаць такое паданне: “Жылі дюдзі ў Раю. Добра жылося ім там. Ды аднойчы нехта саграшыў. Разгневаўся Бог за той грэх і прагнаў усіх на зямлю: “Ідзіце, грэшнікі, па зямлі, і няхай кожны з вас самастойна шукае сваё шчасце, і хто здолее знайсці сваю палавіну, той і будзе шчаслівы”. Задумаліся людзі, пра якую ж гэта палавіну сказаў ім Бог. Ды толькі з таго часу так і павялося, хто яе знаходзіць, таму і радасць у жыцці, а хто не знойдзе – так і блукае ў адзіноце і смуце”.
Спампаваць работу на тэму «Нараджэнне дзіцяці.»
 
  Стварэнню новай сям’і з даўніх часоў надавалася важнае значэнне. Па тым, хто будзе бацька і маці, яшчэ задоўга да вяселля судзілі аб лёсе будучай сям’і і яе нашчадкаў. Не выпадкова, што сярод усіх сямейных абрадаў вясельныя абрады – самыя працяглыя па часе. Пачыналіся яны звычайна сватаннем, калі жаніх з двума-трыма сваякамі прыходзіў да бацькоў дзяўчыны прасіць яе рукі. Атрымаўшы згоду на выданне дачкі, праз тыдзень-два збіраліся на заручыны, дзе сустракаліся родзічы жаніха і нявесты, і жо пасля такога знаёмства і згоды двух родаў на маючы адбыцца шлюб дамаўляліся аб дні правядзення вяселля, якое звычайна гулялі некалькі дзён. Заканчваліся ж беларускія вясельныя абрады пярэзвамі, калі на працягу тыдня, а то і больш, госці маладога і маладой запрашалі адзін аднаго да сябе ў госці.
  Провады навабранцаў у армію таксама на працягу апошніх двух-трох стагоддзяў выліліся ў характэрны для гэтай падзеі абрад, які хутчэй быў выкліканы заклапочанасцю родных і бацькоў, аб вяртанні будучага салдата жывым і здаровым да роднай хаты, у сваю сям’ю.
  Беларускі абрад провадаў на армейскую службу складаецца з некалькіх рытуалаў, такіх, як паездка навабранца з роднымі ў храм, дзе за яго здароўе служылі абедню, развітанне з аднавяскоўцамі – абход будучым салдатам двароў у сваёй вёсцы, у кожным з якіх зычылі хутчэйшага вяртання дадому, і вечара-провадаў, што спраўлялі непасрэдна за дзень да ад’езду на зборны пункт і на якім будучага салдата аплаквалі і благаслаўлялі “чэсна служыць Айчыне”, вярнуцца ў сваю вёску “героем”, а таксама надзялялі яго грашыма і рэчамі, неабходнымі ў дарозе.
Спампаваць работу на тэму «Провады навабранцаў у армію»
 
  Смерць была канчатковай мяжой зямнога існавання чалавека. Жалоба і пашана, з якой праводзяць у апошні шлях нябожчыка, ─ гэта своеасаблівая даніна павагі і ўдзячнасці за пакінуты ім след на зямлі, сярод людзей.
  Беларускія жалобныя абрады складаюцца з дзвюх частак – пахавання памёршага і памінальных дзён аб ім: траціны, шасціны. Дзевяціны, саракавіны і гэтак далей. Па вераваннях беларусаў, пахаванне – гэта провады чалавека “на той свет”, дзе ён прадаўжае сваё бясконцае і вечнае існаванне ў выглядзе Духа продкаў і з’яўляецца апекуном свайго роду і сям’і.
Спампаваць работу на тэму «Жалобны абрад»
  Як бачым, сямейныя абрады складаюць характэрны рытуальны цыкл, які адлюстроўвае традыцыйны ўклад жыцця людзей, культуру іх быту, сістэму поглядаў чалавека на значэнне роду і сям’і. І хоць сямейная абраднасць вельмі старажытная па свайму паходжанню, аднак да сённяшніх дзён яна не страціла мэтавай накіраванасці і прызначэння ў народным жыцці, здолела захаваць у сабе адну з цікавейшых старонак народнага побыту, нашай нацыянальнай спадчыны.
На главную Назад