Мялешка Лілія Віктараўна

 
Мялешка Лілія Віктараўна нарадзілася 17.10.1948 ў Клецку. У 1971г. закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў (іспанская і англійская мовы). Настаўнічала ў Клецкай СШ №1, з 1993 па 2004 год працавала старшынёй Клецкага РК прафсаюзаў работнікаў адукацыі. З 1988г. выкладае сусветную мастацкую культуру. Выдатнік народнай адукацыі Беларусі. Пісаць вершы пачала з сярэдзіны 90-х гадоў, друкавалася ў раённай газеце, у выданнях “ЛіМ”, “Маладосць”, “Крыніца”, “Мінская праўда”, “Настаўніцкая газета”, “Культура” і іншых.
 
 
Гарадок
Лясы, палеткі, грэблі ды крыніцы,
Па багнах мох, мурог ды пні карчоў.
Здалёк відны званіцы і байніцы
Сталіцы Клецк зямлі дрыгавічоў.
За валам – вежаў контуры прамыя
Ўзвышаліся на Замкавай гары.
Глядзелі пільна ўдалеч вартавыя,
Не спалі на званіцах званары.
Прайшлі ў вяках, у муках незлічоных
Пажары, смуты, войны, мецяжы,
Князь Глінскі, шведы, Каралева Бона,
Паўмесяцы, і зоркі, і крыжы.
Без звычкі ныць, без гонару хваліцца
Акенцамі ўсміхаецца здалёк
Былая ўмацаваная сталіца –
Правінцыяльны мілы гарадок.
***
Роднаму гораду
(акраверш-санет)
Россып пышных кветак на газоне,
Оніксам святлее стэла ў скверы, –
Дрэвы ў душным ліпеньскім палоне –
Нібы арка ў сонечныя дзверы.
А над сіняй Ланню абмялелай
Матылькі, і мушкі, і стракозкі
У чароўны свет блакітна-белы –
Гожы шлях увысь сцяжынкай Боскай.
Ад раскошных жнівеньскіх заранак
Радасным вачам не адарвацца,
А як выйдзеш вечарам на ганак –
Далеч кліча з зоркай павітацца…
Клецк, дазволь у шчасці і ў журбе
Улюблёнасць выказаць табе.
***
Запрашэнне ў Клецк
Раскоша гарадоў вялізных
Нам дзіўна нібы сон-трава.
Маленькі Клецк. Зато ўсё блізка:
Музей, тры школы, КБА.
Тут зноў з завода адрадзіўся
Бялюткі праваслаўны храм.
Палац культуры тут узвіўся
Замест старых бязлікіх крам.
Крыху далей – святлеюць аркі,
Блішчыць на сонцы вежаў сталь:
Дом камунальнай гаспадаркі,
Што будаваўся як шпіталь.
І хто б ні ехаў са сталіцы –
Ўжо з горкі каля ПТВ
Пабачыць карпусы бальніцы,
Заўважыць купал на царкве.
Адгэтуль, з горкі, ад прыпынку,
Глянь на лукаўскія палі –
Убачыш зону адпачынку,
Дзе дружна сосны падраслі,
Дзе любяць бегаць і купацца
І бавяць добрых шмат хвілін,
Дзе вербы ў возера глядзяцца
І дзе стаіць Алешкаў млын.
Вясновай раніцай вільготнай
Шуміць зялёная сцяна:
То па Савецкай так пяшчотна
Цвітуць каштаны Літвіна.
Тут ёсць прывабныя мясціны:
Вітрына з квасам на акне,
І стадыён, і парк, і рынак,
І Шэйны поплаў ў Старыне.
Край песень, вершаў, скокаў, баек,
Твой упрыгожваюць партрэт
І Дамашэвіч – наш празаік,
І Галубовіч – наш паэт.
Хто чуў хоць раз тут спеў сінічкі,
Напэўна, дасць сабе зарок
Ізноў наведаць невялічкі,
Шляхетна-чысты гарадок.
Нас мегаполісаў раскоша
Не вабіць мройнай пекнатой.
Маленькі Клецк. Але ж прыгожы!..
Зялёны з белым горад мой...
***
Назвы ў Клецку
У Клецку назвы – не забава!
Не проста так у свет прыйшлі…
Былі заўсёды важнай справай,
Бо сутнасць выказаць маглі.
І аб гісторыі ўспамінам
Над гарадком гук назваў плыў,
І назвы падказаць маглі нам –
І хто кім быў, і хто дзе жыў.
Па Слабадской – народ свабодны,
А па Татарскіх – па ўсіх трох –
Татарскі люд адзінародны,
Што чысціню крыві збярог.
І, пэўна, нездарма назвалі
Крывую, гладкую, як стол,
Завальнай — першую за валам
І Закасцёльнай – дзе касцёл.
Пасвістваў часта легкадумна
І сам з сабой размовы вёў,
Хто ад Базарнай плошчы шумнай
Базарнай вуліцай ішоў.
Трымаў Панкратаўскай без спеху
На конях гладкіх ці худых,
Хто на Панкратавічы ехаў
Ці на Сякерычы праз іх.
А коні мчалі з чыстым звонам
У старадаўнюю пару:
Кіруй па Слонімскай – на Слонім,
А па Цапэрскай – на Цапру.
Тапталі снег, пясок, ці траўку,
Роў гром ці панавала ціш –
Ішла Сіняўская ў Сіняўку,
Ішла Нясвіжская ў Нясвіж.
Нават свае законы руху
Былі і ў студзень тут, і ў май
Імчыся Пінскай што ёсць духу,
Бабаеўскаю – не спяшай.
А тую, па якой снавалі
Фурманкі – з кожнага сяла –
Радзівілмонтаўскай празвалі,
Бо ў рэзідэнцыю вяла.
Ляцяць-імчаць гады крутыя,
І іншых назваў час настаў...
Ды людзі памятаюць тыя,
Што выражалі сутнасць спраў.
***
Клецку – 880
На Клеччыне сягоння свята,
І месца тут няма журбе,
Бо, дзякуй Богу і уладам,
Жыццё ідзе – нішто сабе.
І свята светлага прыходам
Шчаслівы і жыхар, і госць,
Бо, дзякуй Богу і Народу,
І хлеб ёсць і да хлеба ёсць.
Блакіт бяздонны і лагодны…
Над кветкаю пчала гудзе…
З днём нараджэння, горад родны!
Расці, цвіці і маладзей!
***
Клецкае танго
Родны гарадок,
Любы мой куток,
Блізкі мне навек,
Быццам чалавек.
Твой заходні бок
Скрыты быў знарок
Даўняю парой
Замкавай гарой.
Хай гады пранесліся,
Твой узрост закрэсліўся,
І, здаецца, сёння ты –
Маладзей ўдвая
З карткай прывітальнаю –
Вуліцай Завальнаю, -
Хоць завецца Школьнаю
Вуліца мая.
Ты героем стаў,
Мужны Краснастаў,
Помніць Клецкі вал
Бітвы шал і пал.
Ды спакон вякоў
Для выпускнікоў,
Трыумф або правал –
Вечар, баль – і вал.
Дзе вы, ускрайкі Клецкія?
Дзе палеткі грэцкія?
Дзе цаліны ворныя?
Новыя палі?
Сцежка рукатворная –
Новая гісторыя.
І імёны новыя
Над табой ўзышлі.
Пралятуць часы,
Знікнуць галасы
Тых, хто ў даўні час
Жыў тут, быў да нас.
Мы заўжды з табой,
Ты навечна мой,
Любы гародок,
Родны мой куток.
Зніклі – гоні княскія,
І маёнткі панскія,
Шаты верасовыя
Багнаў і лясоў.
Па-над Ланню-рэчкаю
Ззяе сонца вечнае,
А жыццё – часовае! –
Зялянее зноў.
 
На главную Назад